Выцінанка — гэта не проста рамяство, гэта частка нашай гісторыі. Першапачаткова выцінанкі служылі абярэгамі, сімвалізуючы ўрадлівасць, дабрабыт і абарону. Іх выразалі з паперы, тканіны, скуры, упрыгожваючы вокны, сцены, печы. Кожны ўзор меў сваё значэнне, расказваючы пра жыццё, прыроду і вераванні нашых продкаў.
Сёння выцінанка перажывае другое нараджэнне. Майстры, падобныя Алене Мікалаеўне Садаўнічай, беражліва захоўваюць і перадаюць гэтую спадчыну. Майстар-клас у аддзеле традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУ «Мастоўскі РЦК» – яркае таму пацвярджэнне.
Алена Мікалаеўна сумесна з наведвальнікамі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ДУ «ЦСАН Мастоўскага раёна» вырабілі аб’ёмнага «Анёла» з паперы.
Акрамя таго, для гасцей была арганізавана экскурсія пад назвай «Зімовы АРТ без перашкод», якая пазнаёміла іх з выставай работ майстроў і натхніла на новыя творчыя здзяйсненні.
Такія мерапрыемствы не толькі дораць радасць творчасці, але і садзейнічаюць сацыялізацыі, абмену пазітыўнымі эмоцыямі. Мы рады, што змаглі падарыць нашым гасцям незабыўныя моманты!
