15 чэрвеня
«Гудзевіцкі тэкстыльны фэст» (аг. Гудзевічы, Мастоўскі раён)
Хочаце даведацца аб традыцыйным занятку ткацтвам нашых продкаў, пагрузіцца ў свет тэкстылю і ўбачыць сапраўдныя кросны ў працы? У такім выпадку вам да нас! У сярэдзіне гэтага лета пройдзе ўнікальнае свята — «Гудзевіцкі тэкстыльны фэст»!
Тут у вас будзе магчымасць атрымаць урокі ткацтва за старадаўнімі кроснамі і нават выткаць за імі невялікую палоску тканіны або паспрабаваць сплесці з нітак традыцыйны народны пояс.
Вы зможаце не толькі палюбавацца дыванамі і дарожкамі, вытканымі ў тэхніцы падвойнага ткацтва, але і атрымаць майстар-клас «з рук у рукі» ад носьбіта гэтай традыцыйнай тэхнікі – майстра Белакоз Веры Ігнацьеўны. «Падвойнаеткацтва» — гэта брэнд аграгарадка Гудзевічы на Мастоўшчыне, традыцыйная тэхніка якога унесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Чым жа яшчэ здзівяць арганізатары свята? На выставе народных промыслаў і рамёстваў пад адкрытым небам «Прыгажосць тканая і вышываная» можна будзе захапіцца традыцыйнымі вырабамі ткацтва майстроў Мастоўскага раёна і палатном «Квецень Панямоння», які выкананы з міні-габеленаў 17 раёнаў Гродзенскай вобласці. Падчас фэсту вы маеце шанец пазнаёміцца з паўсядзённым і святочным адзеннем нашых продкаў, з традыцыйным «мастоўскім ладам». Дапоўняць атмасферу свята інтэрактыўныя праграмы з конкурсамі, канцэрты калектываў аматарскай творчасці, а таксама танцы, у якіх, як кажуць у Гудзевічах, «і грудзі просяцца ў людзі». Сумна не будзе нікому!
Тэл.: +375 1515 39313; +375 1515 64494